Што паказваюць датчыкі якасці паветра ў беларускіх кватэрах і…

“Хто б мог падумаць, што ў XXI стагоддзі мы не толькі не ўмеем рукі мыць, але яшчэ і хату праветрыць слушна не атрымліваецца!”

Напачатку мая ў межах сусветнага выкліку #7dayschallenge 10 беларусаў і беларусак устялявалі ў сябе датчыкі вымярэння ўглекіслага газу ў паветры. Разам з супрацоўнікам праекта “Добрае паветра” Паўлам Коўшалем разбіраемся з вынікамі эксперыменту, а таксама высвятляем, як трэба праветрываць памяшканні, каб добра сябе адчуваць, не хварэць і быць працаздольнымі.

Павел Коўшаль

Большасць людзей увогуле не ведае, навошта трэба праветрываць памяшканні

Каманда арганізацыі “Добрае паветра” займаецца продажам і ўсталяваннем вентыляцыйнага абсталявання па ўсёй Беларусі. Гэта кампактныя сучасныя сістэмы, якія адказваюць не толькі за чысціню паветра, але і за захаванне тэмпературы ў памяшканнях, то бок цалкам за мікраклімат. Пры гэтым націск робіцца ў бок энергаэфектыўнасці.

“Добрае паветра” адначасова займаецца як камерцыйнай так і асветніцкай дзейнасцю:

 – Калі мы толькі пачалі праект, то ўстала пытанне пра тое, што людзі ўвогуле не ведаюць, навошта патрэбна вентыляцыя. Усе лічаць, што кандыцыянер гэта тое што дастаткова ў памяшканні і нічога больш не патрэбна, – адзначае Павел Коўшаль. – Нам прыйшлося распавядаць, чым мы займаемся, таму што праблема даволі новая і звязана яна па-першае з тым, что людзі пачалі ўсталёўваць у кватэрах і офісах пластыкавыя вокны.

З-за таго што такія вокны герметычныя, паветра ў памяшканні не вентыліруецца, і людзі пачынаюць хварэць, кепска сябе адчуваць, кепска спаць і часам не разумеюць з-за чаго гэта. Збольшага гэта праблема вырашаецца праветрываннем памяшканняў альбо проста пры дапамозе адчынення вокнаў, альбо аўтаматычнымі вентылятыйнымі сістэмамі.

 – Ці можна без асаблівага абсталявання зразумець, добрае ў памяшканні паветра ці не?

 – Калі так вельмі груба казаць, то можам параўноўваць чысціню паветра з радыяцыяй. Мы можам жыць у візуальна чыстым асяроддзі і не ведаць, чаму дрэнна сябе адчуваем альбо хварэем. Памераць узровень СО2, як і узровень радыяцыі, можна толькі датчыкамі. Гэта вельмі важна, бо сучасны чалавек знаходзіцца ў памяшканні 80% свайго часу.

Зразумела, што можна арыентавацца і на пачуцці і самаадчуванне. Калі вокны закрытыя і не хапае свежага паветра, то чалавек пачынае чырванець, яму цяжка дыхаць, ён можа пацець. Але тут усё вельмі індывідуальна. Ёсць людзі, якія сядзяць чырвоныя як памідоры і працягваюць працаваць, а ёсць хто пры мінімальным перавышэнні нармальнага ўзроўня ледзь не страчвае прытомнасць.

Як мы займаемся гэтым ужо некалькі гадоў, то ўжо “натрэніраваліся” і нават па самаадчуваннях можам прыкладна сказаць, які ўзровень углекіслага газа ў памяшканні, але звычайныя людзі ўсё ж такі не могуць без датчыкаў высветліць узровень СО2.

– Акрамя пластыкавых вокнаў, якія яшчэ могуць быць прычыны вялікага ўзроўню СО2 і іншых шкодных рэчываў у пакоі?

– Вялікая колькасць людзей у адным памяшканні, будаўнічыя матэрыялы, якімі мы аддзелываем нашы пакоі, мэбля, якая таксама нечым пафарбаваная ці пакрытая. Ёсць хімічныя сродкі, якімі мы чысцім нешта ў памяшканні. І проста пыл. Вентыляцыя вырашае гэтыя пытанні.

“Нешта пайшло не так”… Як людзі праветрывалі памяшканні “па адмысловай праграме”

– Вясной 2020 года ў межах экалагічнага выкліку #7dayschallenge людзі атрымалі датчыкі ад вашай арганізацыі. Распавядзіце пра асноўныя вынікі гэтага эксперыменту.

– 10 чалавек атрымалі гэтыя датчыкі і яны з цягам часу пакуль карысталіся пазначалі паказчыкі датчыка, пазначалі ў якіх умовах замяраюць, пазначалі свае пачуцці ў той ці іншы момант, калі карысталіся, калі праветрываюць па-нармальнаму і жывуць так як жылі раней.

У цэлым большасць здзіўлялася вынікам. Усё ведаюць што трэба праветрываць, але не ведаюць наколькі інтэнсіўна трэба гэта рабіць, калі хочаш жыць у сапраўды здаровых умовах. Цікавіліся асаблівасцямі праветрывання. Напрыклад, як праветрываць зімой і летам, якія вокны лепш адкрыць і як карыстацца вентылятарамі ў санвузлах, каб рабіць гэта эфектыўна.

А вось некаторыя водгукі удзельнікаў эксперыменту.

Марыя Грыц:

Другі дзень #7daychallenge Нам дасталася такая крутая скрынка, якая вымярае розныя паказальнікі ў пакоі. Але ўсё пайшло не так…

Першы дзень (сёння да 6-й вечара) мы маем жыць, як звычайна, каб пабачыць звычайны стан паветра ў прасторы. Ад вечара будзем праветрываць па адмысловай праграме.

Аднак сёння ноччу я прачнулася і пабачыла жэстачайшы ўзровень СО2 у спальні. Ён быў настолькі чырвоны, што я проста адчыніла вакно, легла ў ложак і да раніцы не пераставала дзівіцца, што для нас было натуральна спаць у такім цяжкім паветры.

Далей мы жывем, як раней, бо цікава ж паставіць эксперымент. Калі шчыра, пераваліваемся з жоўтага ўзроўню бяспекі на чырвоны.

Хто б мог падумаць, што ў 21 стагоддзі мы не толькі не ўмеем рукі мыць, але яшчэ і хату праветрыць слушна не атрымліваецца!

Ганна Шамко

Учора ўвечары, як паклалі дзяцей спаць, таксама адчынянялі на мікра. Як раз супала з тым, што абодва інтэнсіўна працавалі да позняй ночы, і муж адзначыў, што добра кеміў, нягледзячы на час.

Графік ад Ганны Шамко, адной з удзельніц праекта #7
daychallenge

–  Датчыкі, якія ўсталёваўліся ў людзей ў рамках чэленджу, вымяраюць якія паказчыкі?

 – Па-першае, банальны ўзровнь СО2. Гэта галоўны маркер і яго ў прынцыпе дастаткова для таго каб разумець, наколькі бруднае паветра. Іншыя паказчыкі у нашых датчыках мы зрабілі больш для себя,  каб больш дакладна разумець сітуацыю.

– У ідэале такія датчыкі павінны быць у кожнай кватэры?

 – Пажаданы такі датчык мець у кожным пакоі, бо гэта індывідуальная штука. У адным пакоі можа быць добрае паветра, а ў другім кепскае. Але насамрэч тут хутчэй праблема не ў датчыках, а у агульнай адукацыі пра здаровыя ўмовы жыцця, пра інфармаванасць людзей, як стварыць для сябе такія ўмовы нават без датчыкаў. Мы і так ведаем, што трэба праветрываць памяшанне, але хто сапраўды карыстаецца гэтымі парадамі, хто праветрывае памяшканне некалькі разоў на дзень. Даволі рэдка сустрэнеш чалавека, які гэтым займаецца і тут хутчэй за ўсё з-за таго што мы не разумееем, наколькі гэта можа быць шкодна для нас.

– А якія ўвогуле нормы чысціні паветра?

– Звычайна выдзяляюць тры ўзроўні: зялёны, жоўты і чырвоны. Добрае паветра, альбо зялёны узровень, каля 800. 800-1200 ppm – горш за норму, жоўты ўзровень, а 1200 ppm  і больш – чырвоны узровень. Дзе б мы не рабілі вымярэнні, калі памяшканне не праветрываецца, то практычна ўсюду звычайна чырвоны ўзровень, радзей – жоўты.

Інфаграфіка ад “Добрае паветра”

Што? Дзе? Калі? Якія кошты?

 – Праблема чысціні паветра ў памяшканнях тычыцца толькі буйных гарадоў?

 – Праблема паўсюль аднолькавая: закрытыя герметычныя памяшканні. Не важна, гэта вёска ці горад. Калі казаць пра вонкавае паветра, то тут ужо другая сітуацыя. Тут ужо больш пытанні AIRMQ як ініцыятывы, якая займаецца маніторынгам вонкавага паветра, а да нас звяртаюцца людзі са усёй краіны.

 – Распавядзіце пра прыкладныя кошты на вентыляцыйнае абсталяванне. Напрыклад, у мяне сярэднестатэстычная двухпакаёвая кватэра…

 – Ад бясплатных варыянтаў да некалькіх тысяч даляраў. Як заўсёды, колькі вы гатовы аддаць. Можна спрабаваць праветрываць памяшканне проста адкрытымі вокнамі і вентылятарамі, якія ў вас ўжо ёсць, а можна паставіць суперразумнае абсталяванне, якое будзе з датчыкамі, СО2, вільготнасці, руху і паказчыкамі як на метэастанцыі. Калі гаварыць пра парадак лічбаў, то, напрыклад,  на двухпакаёвую кватэру абсталяванне добрай якасці і дастатковай магутнасці будзе каштаваць у сярэднім 1500 даляраў.

 – Зараз цёпла і ў мяне ў кватэры круглыя суткі ўсе вокны адчыненыя. Складана ўявіць сабе людзей, якія ў 30+ градусаў вядуць сябе па-іншаму…

 – А такіх людзей паўно! Мы з такімі сутыкаліся сітуацыямі, калі людзі сядзяць у маленькім пакойчыку, ўзровень СО2 там у разы перавышае норму, а яны сядзяць там чырвоныя і нешта робяць і спрабуюць думаць. Дарэчы, калі летам усе вокны адчыненыя, то таксама не факт, што атрымаецца добра праветрыць. Рэч ў тым, што наша сістэма зроблена па гравітацыйнаму прынцыпу: цёплае паветра падымаецца ўверх, а халоднае апускаееца. А вось летам, калі тэмпература прыкладна роўная у памяшканні і на вуліцы і асабліва калі няма ветра, то нават калі ўсе вокны адчынены, то вы можаце не атрымаць той узровень праветрывання, які хацелі б. Тут трэба ўжо карыстацца нейкімі механічнымі сродкамі вентыляцыі.  Летам праветрыць значна цяжэй чым зімой.

Узровень СО2 ў звычайным офісе. 9:00 – 1.000ppm СО2; 12:00 – 2.000ppm СО2 Крыніца: https://www.dobraepavetra.by/

Што далей? Эксперыменты з вымярэннямі звонку і ў школах

–  Распавядзіце пра ваша супрацоўніцтва з AIRMQ.

–  Мы даўно знаёмыя з лідэрамі праекта і сочым за іх дзейнасцю. Нашы кропкі сутыкнення ў тым што для вывучэння праблемы трэба вымяраць паказчыкі і вонкавага і ўнутранага паветра. Мы карыстаемся падобнымі датчыкамі і займаемся фактычна адной справай.

Зараз мы вымяраем якасць паветра звонку пры дапамозе датчыкаў ад AIRMQ і ўнутры памяшканняў. Пакуль цяжка гаварыць пра нейкія глабальныя лічбы, але папярэднія вынікі эксперыменту ўжо даволі цікавыя.

Я вымяраў паказчыкі ў сваёй кватэры, дзе стаіць мінімальная ступень фільтрацыі узроўню p6. Каб вы разумелі, прыкладна такі фільтр стаіць у аўтамабілях. І нават пры такім слабенькім фільтры я заўважыў, што колькасць частак 2.5РМ у пакоі ў 2-3 разы меньшая ў памяшканні, чым звонку, то бок нават пры мінімальнай фільтрацыі мы значна памяншаем колькасць гэтых частак.

 – Чулі, што вы ладзілі праекты з удзелам дзяцей. Якія вынікі тут?

 – У нас была ідэя распаўсюджваць інфармацыю пра залежнасць працаздольнасці і здароўя ад чысціні паветра у школах, нават напісалі праект “Добрае паветра дзецям”. Адной з мэтаў было стварыць добрыя ўмовы ў адной са школаў Мінска і замераць паказчыкі працаздольнасці дзяцей у звычайным стане і пасля таго як мы ўсталявалі нашыя прылады, але праект заглох, бо мы не знайшлі фінансавання.

Па папярэдніх падліках такі эксперымент будзе каштаваць мінімум 10.000 тысяч рублёў. У гэтую лічбу аўтары ідэі закладаюць абсталяванне з мантажом на 1 клас для 10 вучняў, працу псіхолагаў і дактароў для даследвання псіхалагічнага і фізічнага стану дзетак і адміністратыўныя выдаткі.

 – Пакуль ідэя застаецца ў нашых галавах і магчыма яе ўдасца рэалізаваць крыху пазней, бо пытанне не актуалізавана да гэтага часу, – разважае Павел Коўшаль.

Гутарыла Таццяна Жарнасек